Чаму нам усім патрэбная «SPRAVA». Па слядах фестывалю ў Белай Царкве
- Информация о материале
- Категория: Репортажи
- Автор: Кацярына Гусева
Вы ведаеце, дзе знаходзіцца Белая Царква? Хутчэй за ўсё не. Гэта вёска. Маленькая вёсачка ў Віцебскай вобласці. Там яшчэ Чарэя побач. Крыху далей – Лепель. Усё роўна не ўзгадалі? Вось. Менавіта таму нам усім патрэбная «SPRAVA».
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Фестываль мастацтваў «SPRAVA» у гэтым годзе адбыўся ўжо ў трэці раз і сабраў удзельнікаў і гасцей з розных краінаў свету. Адчуванне было такое, што ангельская мова гучала тут ледзь не часцей за беларускую ці расейскую.
Што можна было пабачыць на фестывалі?
Напэўна, усё. Тэатральныя пастаноўкі, выступы музычных гуртоў, кінапаказы, гатаванне аўтарскіх страў.
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Падзеі адбываліся ўвесь час і паўсюль – толькі паспявай глядзець. Дарэчы, проста глядзець не атрымаецца – бо кожны госць фестывалю адначасова і яго ўдзельнік.
Ты можаш гуляць па пляцоўцы фэсту і раптам трапіць у дэкарацыі і на нейкі час стаць іх часткай.
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Вось, напрыклад, праект «Птушкі. Міграцыя». Гэта, безумоўна тэатр. Але тэатральныя пастаноўкі звычайна пра людзей, для людзей, і галоўныя героі там людзі. Але што калі зрабіць героямі іншых істотаў? Напрыклад, птушак? І што калі не ачалавечваць іх, а паказаць такімі, якія яны ёсць? Сапраўдных птушак у іх сапраўдным асяроддзі?
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
І вось у межах праекту птушкі-людзі ўсе дні фестывалю «лёталі» сярод гасцей. Атрымалася цікава і небанальна.
Ці вось Траецкая царква. Яна пабудаваная ў XVI стагоддзі, у стылі ранняга італьянскага барока. Яе вежа першапачаткова выконвала абарончую функцыю, і царква з часоў узвядзення ніколі не перабудоўвалася. Зараз яна пераўтварылася ў руіны.
На фестывалі «SPRAVA» у Траецкай царкве адбыліся канцэрты класічнай музыкі. І гэта на некаторы час дало ёй другое жыццё.
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Мы не ведаем, ці пройдуць калі-небудзь зноў тут хрысціянскія службы, але зараз хоць на некалькі гадзінаў гэты ўнікальны помнік архітэктуры зноў напоўніўся жыццём. І, хто ведае, можа, дзякуючы «SPRAVA», да яго будзе прыцягнутая ўвага рэстаўратараў.
Канцэрт класічнай музыкі ў Траецкай царкве (вёска Белая Царква, Віцебская вобласць)
Вось яшчэ цікавае. Нямецкая спявачка Doreen Kutzke прывезла на фестываль сапраўдныя ёдлі. Спачатку спявала іх са сцэны сама, а пасля вучыла ім усіх ахвочых. Ёдль – гэта спеў без словаў. Лічыцца, што прыдумалі яго альпійскія пастухі, каб пераклікацца ў гарах, і гэты спеў стаў традыцыйным для ўсёй Швейцарыі.
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Яшчэ на «SPRAVA» можна было пакаштаваць слімакоў, якіх гатуе сапраўдны французскі кухар Барыс Буанняр.
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
Барыс жыве зараз у вёсцы Стражавічы (Віцебшчына), бо ўзяў у жонкі беларуску. Слімакоў ён гатуе па ўласным рэцэпце і прывозіць на фестываль, дзе госці і ўдзельнікі з’ядаюць усё да рэшты. У гэтым годзе ў Барыса было нарыхтавана 5000 слімакоў.
Самае галоўнае, што робіць «SPRAVA» – яна прыцягвае ўвагу да вёскі.
Фестываль "SPRAVA", вёска Белая Царква
І атрымліваецца, што жыццё за МКАДам ёсць. Ды яшчэ якое! Таму ўсім нам вельмі патрэбная «SPRAVA». Чакаем яе і на наступны год.
Кацярына Гусева