11 чароўных момантаў лета. Мастацкія фота
- Информация о материале
- Категория: Художественное фото
- Автор: Віктар Малышчыц
Лета хутка мінае. Тым даражэйшы кожны яго чароўны момант. Вось 11 з іх. Здымкі зробленыя ў розны час і ў розных месцах. Адзінае, што іх яднае – гэта ўсё Беларусь.
Балотная драпежніца чакае сваёй ахвяры. Расіца круглалістая.
Расіца круглалістая
Відзы, Браслаўскі раён. Сонца ўжо села, а колеры на захадзе толькі пачалі разгарацца. Здымкі пад невялікім дажджом.
Відзы, Браслаўскі раён
Як выглядае самая светлая ноч у Беларусі?
Сёння - дзень летняга сонцастаяння (праўда, строга кажучы, сонцастаянне было ўчора зранку), а значыць, і самая кароткая ноч. Сонца не паспявае апусціцца глыбока пад гарызонт, і неба застаецца светлым – амаль што белая ноч! Таму большая частка лета – гэта мёртвы сезон для аматараў астраноміі і начнога фота.
А самую светлую ноч можна ўбачыць у самым паўночным населеным пункце Беларусі – у Асвеі. Мястэчка стаіць на беразе вялікага возера Асвейскага, якое знакамітае самым вялікім у Беларусі востравам пад дзіўнай назвай Ду. Прыехаў я туды акурат у 01:00 – у самы цёмны час сутак – і быў проста здзіўлены: паўночны край гарызонта быў настолькі светлы, быццам яно зайшло толькі гадзіну таму. Увесь час не пакідала ўражанне, што вось-вось пачне святлець і настане світанак, але не – да яго было больш за тры гадзіны. Неба ж уяўляла сабой зусім нецікавае відовішча: нават Вялікую Мядзведзіцу даводзілася шукаць на блакітным небасхіле.
Дарэчы, не так даўно давялося паздымаць і ля паўднёвай мяжы нашай краіны. І хто сказаў, што Беларусь маленькая? Хоць неба і ў палескай глушы заставалася крыху светлым, але россып зорак з яркай дугой Млечнага Шляху так урэзаліся ў памяць, што стоячы на беразе Асвейскага возера у гэтым прывідным паўночным ззянні, проста не мог паверыць – гэта адначасова ў адной краіне?
Асвейскае возера
Нябесны апакаліпсіс на Браслаўшчыне.
Браслаўшчына
Напэўна, гэта самае фантастычнае для мяне месца ў Беларусі, быццам з іншай планеты. Балота Ельня.
Балота Ельня
Малюнкі ў пойме Прыпяці. Нацыянальны парк "Прыпяцкі".
Сёлета быў досыць вялікі разліў ракі, таму нават у пачатку чэрвеня ў пойме яшчэ хапае вады. Дзіву даешся, калі бачыш на карце сляды машын там, дзе ў гэтым годзе ў гумовых ботах не прайсці.
Пойма Прыпяці
Добрай раніцы ўсім з прыпяцкай поймы! Дарэчы, на фота Прыпяць і не відаць – яна ўдалечыні на адлегласці каля 2 км.
Пойма Прыпяці
Прыпяць пасля заходу Сонца, Нацыянальны парк "Прыпяцкі".
Як вядома, фатографы нярэдка любяць падчас апрацоўкі фота "навярнуць" паболей колеру у Фаташопе. Але тут на самай справе былі настолькі інтэнсіўныя колеры, што я вачэй не мог адарваць. Адзінае – жоўтага было не так шмат, замест яго былі ружовыя і аранжавыя адценні: тут ужо асаблівасці матрыцы камеры адыгралі сваю ролю.
Нацыянальны парк "Прыпяцкі"
Неверагодная рака Сцвіга ў альманскай глушы. Чаму неверагодная? Таму што толькі тут мне ўдалося знайсці месцы, аддаленыя ад бліжэйшых вёсак на 15 – 20 кіламетраў! Тут нават сувязь мабільная не працуе. Ночы ў гэтых краях адзназначна самыя цёмныя і самыя зорныя ва ўсёй Беларусі – засветкі ад гарадоў няма аніякай.
Рака Сцвіга
Востраў Чайчын – другі па велічыні ў Беларусі. Знаходзіцца ён на маляўнічым возеры Струста ў нацыянальным парку "Браслаўскія азёры". Цяжкавата ўявіць, але на гэтым лапіку зямлі, пакрытым лесам, да вайны жыло амаль 30 чалавек. На востраве незвычайнай формы прысутнічаюць розныя віды лясоў, ёсць невялікія пагоркі і нават сваё маленькае азярцо, дзе водзіцца рыба.
Востраў Чайчын
Маленькае круглае азярцо сярод бяскрайніх Альманскіх балот.
Альманскія балоты
Аўтар: Віктар Малышчыц