«Калядны фэст – 2015». Рэпартаж ад першай асобы
- Информация о материале
- Категория: Репортажи
- Автор: Кацярына Гусева
Традыцыйны, ужо дзявяты па ліку, «Калядны фэст» напярэдадні адбыўся ў Менску.
Было шмат шаленства, дзiкiх скокаў, фальклорных спеваў i музыкі – вельмі рознай: народнай, сярэднявечнай, рокавай…
Зрэшты, мне падаецца, «Калядны фэст» даўно ўжо перарос статус толькі музычнага свята. Гэта цэлая культурная з’ява, вартая таго, каб паказваць яе турыстам. Менавіта таму vedi.by i апынуўся ў эпіцэнтры падзеяў.
На сцэне
На жаль, самы першы гурт я прапусціла. Таму пачну адразу з другога – «Irdorath».
Гурт «Irdorath» на «Калядным фэсце-2015»
Музыкі гралі як знаёмыя кампазiцыi, так i новыя. А яшчэ ў iх рэпертуары з’явiлiся песні на беларускай мове.
Склад гурта «Irdorath» таксама абнавіўся – з’явiлiся дзяўчаткі на бэк-вакале. А некаторыя кампазiцыi суправаджаліся i танцавальнымі нумарамі.
На «Калядным фэсце-2015» гурт «Irdorath» быў прадстаўлены ў пашыраным складзе
Пасля «Irdorath» на сцэну выйшаў гурт «Стары Ольса». Тут пачалося нічым не абмежаванае шаленства.
Музыкі выканалі спачатку сярэднявечныя кампазiцыi, прысвечаныя Калядам. А пасля – адразу некалькі песень пра піва.
Выступ гурта «Стары Ольса» на «Калядным фэсце-2015»
«Піўныя» песні вельмi падбадзёрылі публіку – пачаліся танцы. Я хацела спачатку патанчыць разам з усiмi, але пасля таго, як нехта вельмі балюча скочыў мне на нагу, кінула гэтую думку – узлезла на нейкую прыступку i адтуль фатаграфавала.
А ўнізе віравала чалавечае мора…
Свой выступ гурт «Стары Ольса» скончыў несанкцыянаванай раздачай мандарынаў
За «Ольсамi» надыйшла чарга «галоўнай iнтрыгi фэсту» (як паспела гэты гурт ахрысціць прэса) – «TROLLWALD». Каманда была створана на аснове іншага гурта – «Litvintroll», які па нейкіх прычынах распаўся.
Выступ гурта «TROLLWALD» на «Калядным фэсце-2015»
Шчыра кажучы, вялiкiх адрозненняў паміж гучаннем гэтых калектываў («TROLLWALD» i«Litvintroll») я не знайшла. Але толькі ціха – напэўна, яны ўсё ж ёсць, проста я не такі ўжо вялiкi музычны ласун, каб заўважаць такiя тонкiя рэчы.
На выступе «TROLLWALD» мой фотаапарат канчаткова звар’яцеў i пачаў выдаваць нейкія зусім ужо дзіўныя здымкі. Хаця i дагэтуль яны таксама былі падобныя да… афішаў Тулуз-Латрэка.
За сцэнай. Некалькі шалёных iнтэрв’ю
Карыстаюся паўзай, якая ўзнікае пасля выступу «TROLLWALD», пранікаю за сцэну. Там знаходжу музыкаў, яны, здаецца, не супраць паразмаўляць.
- Чаму новая назва? Чаму новы гурт? – пытаюся, бо «інтрыга» усё ж такі не дае мне супакою.
- Хопіць гэтых пытанняў. Тое, што было, ужо мінула. Мы зараз зусім іншыя… – адказвае Андрэй Апановiч, вакаліст гурта «TROLLWALD» (i былы вакалiст «Litvintroll»).
- Не-не, мы такія самыя, але… ну, не хочацца гэта абмяркоўваць, – падхоплівае гітарыст Аляксей Жабуронак.
- Што для вас Каляды?
- Для нас гэта свята… З усiмi наступствамі, якія маюць святы, – смяецца Андрэй Апановiч.
- Не, ну, а што? Мы нiколi не чакалі на Каляды падарункаў… – гэта ўжо Аляксей.
- А цуды на Каляды?
- Цуды? Цуды, цуды… Цуды былі. Мы ахрыненна заджэмiлi з Сашам Чумаковым. Ён супер-музыка. Ён круты.
Аляксандр Чумакоў з’яўляецца побач. Ён вядомы як музыка гурта «Стары Ольса», але сёння ён граў i з «Ольсамi» i з «TROLLWALD».
- Як вам гралася? – гэта я ўжо звяртаюся да спадара Чумакова.
- Ну, даволі складана. Маючы на ўвазе яшчэ i поўную кашу на сцэне, калі ў нас узнiклi складанасці з манiторамi, мы сябе не чулі. I калі праз увесь гэты вал граеш на дудках… тут дапамагае толькі досвед – дзесяцiгоддзi грання на гэтых iнструментах, – смяецца. – Але ж, я хачу зазначыць наконт гурта «TROLLWALD». Той касцяк, што сабраўся тут зараз... кожную ноту, якую бяруць гэтыя хлопцы, нават, калі яны робяць брыдж, каб проста пакласці жалейку i узяць дуду, напрыклад… Дык вось, нават, маленечкі брыдж гучыць як варты твор проста. Я адгукаюся на сто адсоткаў на тое, што яны робяць.
- Сказаў дык сказаў! – смяецца Андрэй. Усе пачынаюць смяяцца.
- А якія планы ў «TROLLWALD»? – пытаюся зноў.
- Запісаць ахрэненна круты альбом на класіка беларускай літаратуры, – адказвае за ўсіх Андрэй Апановiч.
- Якога, напрыклад?
- Не скажу, гэта сакрэт… Ну i яшчэ… быць шчырымі з сабой i адзін з адным. I рабіць рок-н-рол. Класны рок-н-рол, які нас торкае i, спадзяюся, будзе торкаць людзей.
- Класік беларускай літаратуры мяне непакоіць…
- Добра, скажу крышку больш – увесь альбом будзе на адно апавяданне.Усё пакуль што.
Хлопцы ідуць пераапранацца пасля выступу, а я перахопліваю Змiцера Сасноўскага, лідара гурта «Стары Ольса» i канферансье на «Калядным фэсце – 2015».
- Што для цябе Каляды?
- Традыцыя рэканструяваная. Раней у нас не было такога свята – не скажаш, што ты сустракаў ужо з дзяцінства. Але ўспаміны пра яго… Яшчэ бацькі памятаюць. I сам настрой… вось нядаўна чытаў, што брытанскія навукоўцы вызначылі, што ў гэты час чалавек псiхiчна схільны да свята. Чакае свята. I што ў яго, нават, вылучаюцца нейкія асаблівыя рэчывы. Таму на ўзроўні фiзiялогii мы гатовыя.
- Што атрымалася? А што не – зараз вось тут?
- Тут няма плана, ёсць сябры, паплечнiкi – таму немагчыма сказаць, што павінна атрымацца, а што – не. Людзі сабраліся, усім весела, слухаюць музыку, танчаць. Музыкі таксама з задавальненнем граюць. Усё на месцы. Традыцыі – гэта не тое, што павінна з года ў год змяняцца. Самi Каляды гiстарычна аб’ядноўвалi людзей вельмі разнастайных. I розных веравызнанняў, розных палітычных поглядаў, розныя мовы. I я лічу, што ў гэтым плане «Калядны фэст» з года ў год сваю ролю выконвае.
Зміцер сыходзіць на сцэну, i я таксама іду глядзець, што там далей будзе адбывацца.
Ваджэнне Казы, выступ «Палаца» i яшчэ адно iнтэрв’ю
А на сцэне спачатку шукаюць Казу i пяюць традыцыйныя песні.
Пасля Казу знаходзяць, танчаць з ёю i з Мядзведзем - беларускiя народныя традыцыi на сучасны лад.
Ваджэнне Казы на «Калядным фэсце-2015»
Пасля пачынаецца выступ знакамітага гурта «Палац».
Выступ гурта «Палац» на «Калядным фэсце-2015»
Алег Хаменка, лідар «Палаца», пасля выступу пагаджаецца на iнтэрв'ю. Дзеля гэтага мы нават адмыслова адыходзім у фае.
- У традыцыі Беларусі Каляды – самае вясёлае свята. Гэта свята не толькі нараджэння Збавіцеля, гэта свята нараджэння надзеі. I гэта час, калі Сонца ад Зямлі на самай блізкай адлегласці. Менавіта таму i Сын Божы нарадзіўся, i гэта фiзiчна адчуваецца сёння. Яно проста iснуе ў свядомасці. Вельмі радуюся заўсёды i з’яўляюся прыхiльнiкам святкавання Калядаў i па грыгарыянскім, i па юлiянскiм календарах. Гэта адметнасць беларусаў, якую трэба было б захаваць.
- Вы прадстаўляеце той гурт, які пачынаў несці беларускую культуру ў народ, калі так можна сказаць…
- Папулярызавалi, так. Канечне, да нас былі выбiтнейшыя, геніяльныя людзі i працавалі ў гэтым рэчышчы. Мы проста працягваем тую ж самую традыцыю. I мы спрабавалі вынесці традыцыйныя спевы на поп-сцэну. У той час гэта было вельмі нова, вельмі нечакана. I справа была правiльнай. Яна знайшла шмат прыхiльнiкаў. I з гэтай нагоды я вельмі цешуся.
- Якiя ў вас планы?
- Ну… што на стале ў аўтара? Шмат! Першае – мы зробім канцэрцік сёмага. Гэта будзе невялiчкi сяброўскі канцэрцік – такі хатні. Са свечкамі, расповедамі, музыкай, жартамі, неспадзяванкамі, дзе мы можам на сярэдзіне песні спыніцца i пагаварыць. Потым у нас на стале дзве цікавыя песні, напісаныя паводле фальклорнага мыслення, але яны абсалютна сучасныя, i цяжкавата гэты момант прайсці, бо адну з іх мы пішам тры гады, i ніяк не выходзіць. З тае прычыны, што трэба мысліць свабодна i весела, а гэтую эмоцыю, на жаль, апошнім часам трэба сублiмаваць…
Дзесьці ў сакавiку-красавiку ў нас пачнецца сурʼёзная праца з саўндтрэкам да спектакля «Салдат-доктар». I гэта будзе даволі значны спектакль – нашая казка, гурта «Палац», «Салдат-доктар» набудзе такі сцэнiчны выгляд. Прычым будуць граць самыя лепшыя акторы беларускія на самых лепшых пляцоўках Менску. Ёсць усе падставы лічыць, што павінна быць добра. Але прым’ера адбудзецца толькі напрыканцы наступнага году.
- Вашыя святочныя пажаданнi прыхiльнiкам?
- Ведаеце што, у гэтыя святочныя дні хачу сказаць вось такую прамову: калі вы бачыце прапагандысцкі матэрыял у сацсетках ці недзе яшчэ, калі ласка, не транслюйце яго. Проста не звяртайце на яго ўвагу. Нават калі ён для вас вельмі балючы, ён вас закрануў i вымагае эмоцыі. Ён для гэтага i створаны. Таму што ў агрэсіўныя эмоцыі зараз укладзены вельмі вялiкiя грошы. I гэта знішчае людзей. Знішчае мысленне, знішчае сумленне. Людскі стан. На мой погляд, гэта было б зараз важна cказаць...
Напрыканцы
Завяршаў свята гурт цяжкой музыкі «Зніч». Я назірала за выступам з другога паверха памяшкання клуба. Людзей ужо значна паменела, і я нават крыху патанчыла.
Выступ гурта «Зніч» на «Калядным фэсце-2015»
Такім атрымаўся «Калядны фэст – 2015». Чакаем наступнага!
Аўтар Кацярына Гусева,
фота аўтара