На фестывалі «Камяніца» з’явіцца інтэрактыўная сцэна «Традыцыя»
- Информация о материале
- Категория: Афиша
- Автор: Аргкамітэт фестывалю "Камяніца"
1 верасня на юбілейным фестывалі «Камяніца» упершыню з’явіцца інтэрактыўная сцэна з традыцыйнымі спевамі, танцамі і забавамі. А таксама выступамі аўтэнтычных бабуль і дзядуль з Палесся.
Інтэрактыўная сцэна размесціцца на пагорку насупраць галоўнай. Яе ідэя ў адсутнасці бар’ера паміж артыстамі і гледачамі.
– Можна слухаць і глядзець, а можна спяваць і танчыць разам з выступоўцамі, якія знаходзяцца на мінімальнай дыстанцыі ад вас. Гэта будзе адначасова і канцэрт, і майстар-клас, і імерсіўнае шоў традыцыйнай беларускай культуры на фоне ўнікальных дэкарацый музея, – кажа куратар сцэны Сяргей Доўгушаў, кіраўнік праекта «Спеўны сход» і лідар гурта Vuraj.
Дуэт Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з вёскі Вулька (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці)
Фестывальная пляцоўка адчыніцца ў 11:00 адначасова з кропкамі харчавання, дзіцячай пляцоўкай, забавамі. Інтэрактыўная сцэна «Традыцыя» пачне працу ў 12:00.
Тут выступяць фолк-гурт «Чарот», капэла «Любанскія музыкі» і Сяргей Выскварка, этна-студыя Кetri, Патрыцыя Свіціна, праект «Спеўны сход», фолк-гурт «Гаманіна», капэла «Коліснія», мужчынскі гурт «Кудмень», а таксама «Дударскі клуб».
Гурт "Любанскія музыкі"
Важнымі эмацыйнымі момантамі праграмы стануць спевы ад сапраўдных бабуль і дзядуль з Палесся: дуэта Еўдакіі Зіновіч і Фёдара Булыгі з вёскі Вулька (Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці) і гурта «Таняжанка» з вёскі Тонеж (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласці).
Гурт "Таняжанка"
Побач з інтэрактыўнай сцэнай з 12:00 да 15:00 будуць адбывацца майстар-класы па пляценні пасталоў, тканні на кроснах, традыцыйных гарбатах, выцінанцы, вырабленні традыцыйных лялек-абярэгаў.
На галоўнай сцэне фестываля сёлета выступяць этна-трыа «Троіца», «Стары Ольса», Лявон Вольскі & Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra, Trollwald, а таксама замежныя госці: гурт Joryj Kloc (Україна) і гурт «Тесто» (Расія).
Гледачам у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да пасуючага абутку) – уваход бясплатны. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209-41-63.
Аргкамітэт фестывалю "Камяніца"