Юбілейную «Камяніцу» ўзначаляць «Троіца», Joryj Kloc і «Тесто»
- Информация о материале
- Категория: Афиша
- Автор: Аргкамітэт фестывалю "Камяніца"
1 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца юбілейны – дзясяты па ліку – фестываль «Камяніца». Арганізатары абвясцілі трох першых хэдлайнераў і запусцілі ў продаж першыя 500 квіткоў па 10 рублёў.
Першая «Камяніца» датуецца 2009 годам. За гэты час фестываль прайшоў вялікі шлях, але захаваў галоўнае – цікаўнасць да народнай музыкі ва ўсіх яе праявах. Ад аўтэнтычных напеваў без інструментальнага суправаджэння да апрацовак у сучасных музычных стылях і аўтарскіх твораў, натхнёных народнай творчасцю. Дадзеную канцэпцыю адлюстроўваюць і хэдлайнеры гэтага года.
Этна-трыа «Троіца» (Беларусь) на чале з Іванам Кірчуком не дарма называюць «шаманамі» – іх вытанчаныя апрацоўкі народных песень нясуць слухачоў далёка ў космас. Калектыў прадставіць на фестывалі свае лепшыя песні і шэраг кампазіцый з новага альбома «Цар-агонь», які выйдзе ў верасні.
Этна-трыа «Троіца»
Этна-трыа «Троіца»
Joryj Kloc (Украіна) – неардынарны гурт з Львова, стылістыку якога называюць «украінскім абрадавым хіп-хопам», «турба-фолкам» і «казацкім брэйкбітам». Дыскі калектыва выдаваліся ва Украіне і Польшчы, дзе музыкі актыўна канцэртуюць.
Гурт "Joryj Kloc" (Украіна)
Гурт "Joryj Kloc" (Украіна)
«Тесто» (Расія) – музычная фармацыя з Санкт-Пецярбурга, якая выконвае традыцыйныя фолк-напевы так, як іх чуе сучасны жыхар вялікага горада. У выніку атрымліваюцца танцавальныя кампазіцыі з выкарыстаннем жывых і электронных інструментаў, з адыходам у драм-н-бэйс і даб, фанк і хіп-хоп.
Гурт «Тесто» (Расія)
Гурт «Тесто» (Расія)
Уваход на фестываль для гледачоў у поўных версіях нацыянальных строяў (ад галаўных убораў да абутку) будзе бясплатным. Час правядзення: з 12 да 22 гадзін. Інфалінія: (033) 661-14-32, (017) 209‑41-63.
Аргкамітэт фестывалю "Камяніца"