“Калядны фэст-2016” адбудзецца ў Мінску 25 снежня

Кожны гурт падрыхтаваў сюрпрызы для наведвальнікаў – ад выканання прэм’ер да замалёвак на калядную тэматыку

Штогадовы фестываль сярэднявечнай і фольк-музыкі “Калядны фэст” пройдзе ў сталічным клубе Re: Public 25 снежня. У музычным марафоне традыцыйна возьмуць удзел лепшыя калектывы фолькавага накірунку – Палац, Стары Ольса, Znich, Irdorath, Trollwald, Гістрыён, Vuraj.

kalyadny fest afisha

kalyadny fest 4

"Калядны фэст" у 2015 годзе

Напярэдадні фэстываля мы патэлефанавалі кожнаму з яго ўдзельнікаў і даведаўся, якія сюрпрызы яны рыхтуюць для прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі і як ставяцца да самаго фэсту як да з’явы.

Усе апытаныя музыкі сышліся ў меркаванні, што “Калядны фэст” – мерапрыемства з чароўнай, святочнай і вясёлай атмасферай. Таксаа ён выступае ў якасці своеасаблівага злучальніка паміж гісторыяй, традыцыямі і сучаснасцю.

“Калядны фэст” – гэта вяртанне старых традыцый, вяртанне аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў. І адпаведна гэты настрой перадаецца музыкам. Я, нават, лічу, што гэты настрой неяк генетычна закладзены. У гэты час хочацца свята, і адчуванне нейкае святочнае прысутнічае ў кожным”, – распавёў лідэр гурта Стары Ольса Зміцер Сасноўскі.

kalyadny fest 2

Выступ гурта Стары Ольса на "Калядным фэсце - 2015"

kalyadny fest 3

Выступ гурта Стары Ольса на "Калядным фэсце - 2015"

Ён адзначыў, што гурт Стары Ольса на “Калядным фэсце” выканае ўрачыстыя і вясёлыя кампазіцыі, некалькі кавер-версій рок-класікі, некаторыя рэлігійныя творы. Таксама Зміцер Сасноўскі паабяцаў шмат сярэднявечных танцаў.

Гурт Палац рыхтуе да каляднага мерапрыемства кампазіцыі з электроннай аранжыроўкай. Таксама будзе прадстаўленая новая песня.

kalyadny fest 6

Выступ гурта Палац на "Калядным фэсце - 2015"

“Нам бы хацелася на фоне нашых калегаў, нашых паплечнікаў, якія будуць граць больш акустычныя і нават фолк-металічныя рэчы, усё ж такі звярнуць увагу на фальклор, звязаны з тэхналогіямі сэнтэзатарнымі альбо сэмплернымі. Для нас гэта важна, мы лічым, што фальклор у будучыні будзе мець развіццё ў гэтым адгалінаванні больш актыўнае, – распавёў лідэр і зазнавальнік Палацу, родапачынальнік “Каляднага фэсту” Алег Хаменка.

Сапраўдны сюрпрыз сваім прыхільнікам на “Калядны фэст” рыхтуе гурт Irdorath – з фестывальнай сцэны ад гурта будзе аб’яўлена вельмі важная і прыемная навіна, не абыйдзецца і без прэм’ер. Вакаліст гурта Уладзімір Ірдарат запэўніў, што на фэсце гурт выканае “самае лепшае”.

kalyadny fest 1

Выступ гурта Irdorath на "Калядным фэсце - 2015"

“Калядны фэст – гэта ўжо традыцыйны адрыў напрыканцы года. На фестываль збіраюцца не толькі нашыя прыхільнікі, але і ўся моц нашага фолк-руху, там лунае вельмі моцная энергетыка, на фестывалі заўжды радасна і весела. Мы вельмі рады, што мы ўжо чацвёрты год запар уваходзім у залаты склад гэтага фестывалю”, – распавёў вакаліст гурта.

“Мы вельмі любім гэты фестываль. Гэта выдатнае мерапрыемства. Мы на ім гралі яшчэ ў тыя часы, калі былі Litvintroll, а першы выступ Trollwald адбыўся менавіта на “Калядным фэсце”. Вельмі душэўны фестываль” – адзначыў вакаліст гурта Trollwald (ex-Litvintroll) Андрэй Апановіч.

kalyadny fest 5

Выступ гурта Trollwald на "Калядным фэсце - 2015"

Лідэр гурта Znich Алесь Таболіч распавёў, што сёлета “мы зробім нешта такое, чаго не было ў мінулым годзе”.

“Гэта адзін з наймацнейшых зімовых фестываляў. Я яго параўноўваю з “Купальскім колам”, на які таксама збіраецца шмат прадстаўнікоў альтэрнатыўнай, фолькавай і металічнай тусоўкі і які таксама прысвечаны дню сонцастаяння”, – сказаў Таболіч.

Лідэр гурта Znich высказаў здагадку, што людзі любяць наведваць і “Калядны фэст”, і “Купальскае кола” менавіта там што дух продкаў, народныя святы з казой і народнымі песнямі блізкія беларусам па духу, а гэтага не знойдзеш на іншых фестывалях.

Удзельнікі калектыву “Гістрыён” адзначылі, што “Калядны фэст” для ніх заўжды карнавал і магчымасць як след павесяліцца і прыдумаць нешта незвычайнае.

“Ужо дргі год запар мы рыхтуем для фэста невялікія тэатральныя замалёўкі, якія будзем паказваць у перапынках паміж выступленняў гуртоў. Замалёўкі гэтыя на калядную тэматыку – летась нашыя калядоўшчыкі згубілі і знайшлі казу, а сёлета мы ўзгадаем каляднае паданне пра цмока і сонца. Думаю, сюрпрызам стануць нашыя персанажы, але гэта пакуль сюрпрыз”, – распавялі ўдзельнікі калектыву.

“Калядны фэст-2016” адбудзецца 25 снежня ў сталічным клубе Re: Public, пачатак у 17:30; кошт квіткоў складае 25 рублёў папярэдне, 30 – у дзень канцэрту.

Текст прадстаўлены організатарамі "Каляднага фэсту"

фота vedi.by

Поиск

Copyright ©2026 vedi.by - Design by Top 10 Binary Options