Неверагодная Ельня і яе азяраўкі

Я ўжо пісаў пра тое, што балота Ельня прыгожае не толькі сваімі глыбокімі азёрамі з чорнай або празрыстай вадой, але і маленькімі азёркамі з безліччу астраўкоў, якія можна сустрэць амаль у любой частцы балота. Такія ўтварэнні называюць азяраўкамі. На іншых балотах Беларусі такіх месцаў практычна немагчыма сустрэць.

Калі для мяне гук верхавога балота - гэта, напэўна, крык журавоў на досвітку, то ля гэтых азёрак на Ельні неба поўніцца крыкамі чаек, якія аблюбавалі астраўкі для сваіх гнёздаў. Вось некалькі здымкаў з трох месцаў - я падпісаў, дзе яны зробленыя і як туды патрапіць.

Вялікая група азяравак знаходзіцца паміж азёрамі Табола і Плоскае (Плоскае якраз бачна ўдалечыні на фота). Дарэчы, калі ідзеш да гэтых азёр, адчуваеш, што крыху ўздымаешся ўгору. Так і ёсць - балота Ельня, як і любое верхавое балота, выпуклае ў цэнтры. Сярэдзіна ўздымаецца ажно на 8 метраў вышэй за ўскраіны!

Elnua 1

Падступіцца да гэтых азяравак не зусім проста - ярка-зялёныя плямы багны сцерагуць гэтае месца з усіх бакоў, а ў гэтым годзе яшчэ і вады было больш звычайнага. У выніку я не змог дайсці да гэтага месца 100-200 метраў, давялося далей ляцець).

Elnua 2

Elnua 3

Калі прыгледзецца, унізе на востраве сядзяць дзве шызыя чайкі - птушкі з Чырвонай кнігі Беларусі. Ельня для гэтага віду стала сапраўдным домам.

Elnua 4

У ранішнім тумане.

Elnua 5

На самым гарызонце можна ўбачыць некалькі астравоў Ельні. Пасярэдзіне гарызонта знаходзіцца самы вялікі з іх, размешчаны на беразе возера Чорнае. У даўжыню гэты востраў большы за 2 кіламетры.

Elnua 6

З вялікай вышыні. Як бачна, гэтыя азяраўкі ідуць амаль да вялікага вострава.

Elnua 7

Самы просты спосаб палюбавацца азяраўкамі - схадзіць на турыстычную сцежку, якая пачынаецца ля вёскі Канахі Мёрскага раёна. Хоць па сцежцы можна хадзіць і ў кедах, лепш абуць гумовыя боты - спачатку давядзецца ісці амаль кіламетр па вільготным лесе.

Азёркі з астраўкамі чакаюць вас у самым канцы сцежкі. Шкада, што гэтая раніца была зусім без туману, нягледзячы на +2 градусы за бортам.

Elnua 8

Таксама ля канца турыстычнай сцежкі.

Elnua 9

А вось такія віды адкрываюцца тым, хто патрапіць на драўляны насціл туманнай раніцай. Фота я ўжо некалі раней публікаваў, гэта 2015 год.

Elnua 10

Азяраўкі з боку Канахоў, від зверху.

Elnua 11

Напэўна, самае прыгожае і незвычайнае возера на Ельні - Курганістае, бо яно таксама пакрыта безліччу прыгожых астраўкоў, на якіх растуць невысокія сосенкі. Патрапіць сюды вельмі проста: ад вёскі Сухавержжа Мёрскага раёна трэба прайсці 2-3 кіламетры па лесе і застанецца ўсяго толькі 600 метраў па драўляным насціле для балатахода. Праўда, я здымаў гэтае возера ў пачатку траўня - вады было так шмат, што трэба было канкрэтна намачыць ногі. А бярвёны на насціле проста плавалі і круціліся пад нагамі.

Elnua 12

Аўтар фота і тэксту Віктар Малышчыц

Іншыя працы аўтара, прысвечаныя Ельні, можна паглядзець тут

Поиск

Copyright ©2018 vedi.by - Design by Top 10 Binary Options