У Давыд-Гарадку ў сувязі з Дажынкамі плануецца знішчыць старажытны будынак


Гэтым разам мы хацелі вас паклікаць у падарожжа выходнага дня па Палессі: Тураў з яго каменнымі крыжамі, Альшаны – сталіца агуркоў, Давыд-Гарадок са старажытным гарадзішчам і цудоўнай драўлянай архітэктурай.
Але ж гэта пасля, у самы бліжэйшы час. А зараз мусім расказаць вам толькі пра адзін цудоўны стары дом у Давыд-Гарадку, які хутка можа знікнуць.

Двухпавярховы, ладны дом для сваёй сям’і ў 1936 годзе пабудаваў мясцовы жыхар Сямён Кулага. Будавалі сваймі рукамі – сам Сямён ды яго старэйшыя сыны. Лес куплялі самай высокай якасці, бо гэты дом мусіў стацца сямейным гняздом.
Ён і стаўся. У двухпавярховай частцы жылі Кулагі, а ў аднапавярховай размясцілася крамка, дзе Сямён Кулага прадаваў кілбасы сваёй вытворчасці. Тыя кілбасы былі знакамітыя – за імі, нават, наўмысна прыязджалі пакупнікі з суседніх гарадоў і вёсак.
Але шчасце было нядоўгім. У 1939 годзе ў Давыд-Гарадок прыйшлі Саветы. Дом забралі. Праўда, напачатку сям’і Кулаг (у якой было 9 дзяцей!) дазволілі пажыць у двух пакойчыках – не звяры ж! Але пасля адабралі і іх.
Пазней Сямён Кулага і адзін з ягоных старэйшых сыноў былі рэпрэсаваныя і загінулі недзе ў ГУЛАГу. Сваякі, нават, не ведаюць артыкул, па якім іх арыштавалі.
А дом? У розны час у ім размяшчаліся розныя ўстановы. Апошнія гады дзейнічала тут гасцініца. Але зараз ён стаіць пустым і рыхтуецца да зносу.

David Gorodok 33

Дом Кулаг у Давыд-Гарадку

Даведаўшыся пра гэта, Надзея Туроўская, праўнучка Сямёна Кулагі, вырашыла ратаваць сямейнае гняздо і прапанавала ўладам выкупіць яго па рынкавым кошце. Але ж не! Гэта было б занадта лёгка!
Каб вы зразумелі маштаб таго, што зараз адбываецца ў Давыд-Гарадку, прыводзім увесь расказ Надзеі, без купюр:
- Гэта пачалося 27 чэрвеня 2016 года. Калі мы толькі даведаліся, што гасцініцы больш няма, мы думалі, што ж там будуць рабіць? А нам кажуць: дык знясуць! Мы тады селі ў машыну і хуценька паехалі ў Столін, у раённы выканаўчы камітэт. Мы трапілі да намесніка старшыні Міхаіла Несцяровіча, ён вельмі прыязна пагаварыў з намі і сказаў, што цалкам верагодна нам узяць гэты будынак, праўда ў арэнду. Купіць нельга, таму што няма папер на зямлю.
Ехалі мы першапачаткова ў Столін, каб даведацца: будынак хочуць зносіць, значыць ён ужо надта недарэчны, развальваецца ўвесь? Відаць, правялі нейкую экспертызу, і ён непрыдатны да эксплуатацыі. Нам казалі, канечне, ён непрыдатны. Зараз мы вам знойдзем гэтую паперу. Але паперу не знайшлі, а замест таго знайшлі іншую паперу. Сказалі, а не! Не праводзілі экспертызы, проста яго балансавая вартасць стала нулявой. І таму вырашылі зносіць.
Мы кажам, о! А калі мы яго возьмем у арэнду або купім, можна? Нам сказаў кіраўнік ЖКХ – канечне, мне будзе прасцей, бо ў мяне грошай на знос няма.
Тады мы ўжо пайшлі ў райвыканкам, і там намеснік старшыні сказаў: канечне, чаму б не? Такая ў вас гісторыя. Гэта дом вашага прадзеда, вы хочаце аднавіць будынак у Давыд-Гарадку, укласці ў яго грошы. Чаму б не? Добра, пакідайце вашую заяву на арэнду. Вам яе, канечне, падпіша наш кіраўнік, прыязджайце толькі праз два тыдні.
Мы напісалі заяву і паехалі досыць супакоеныя.
Праз два тыдні мы прыехалі на асабісты прыём да Рыгора Пратасавіцкага, старшыні Столінскага выканкаму, дзе ён адносна прыязна з намі гаварыў, трошкі ўсміхаўся, жартаваў. Ён паабяцаў правесці экспертызу і запэўніў, што цалкам магчыма нам гэты дом узяць.
Праўда, яны нам паказалі тады яшчэ такую паперку, якая прыйшла ад загадчыка Давыд-Гарадоцкага выканаўчага камітэту, дзе напісана: «Фактическое состояние здания бывшей гостиницы в случае предоставления его в аренду требует предварительного проведения капитального ремонта. В том числе с проведением работ по приведению в надлежащее эстетическое состояние фасада здания». Мы сказалі, што рамонт зробім, і гэта, як быццам бы, усіх задаволіла, і мы, супакоенныя, паехалі дадому чакаць рашэння.
Але! 28.07.2016 года мне прыходзіць ліст за подпісам Сяргея Сідарэвіча, намесніка старшыні Столінскага выканкаму, дзе напісана, што мой зварот да старшыні выканкаму разгледжаны, і вось, цытую: «В ходе рассмотрения обращения установлено, что фактическое состояние здания бывшей гостиницы находится в неудовлетворительном состоянии – имеется разрушение фундамента, непрезентабельный вид, лишенный какой-либо эстетической красоты. Исторической ценности здание не имеет», таму будзем зносіць. «В случае несогласия с этим ответом, вы имеете право обратиться в Брестский исполком», што я, уласна кажучы, і зрабіла.

Пра «эстетическую красоту»
«Эстетическая красота» – выраз сам па сабе цудоўны. Хацела б я пабачыць «красоту», якая б была «не эстетической».
Але важна іншае. Дом, які так не падабаецца мясцовым уладам, насамрэч мае гістарычную і мастацкую каштоўнасць.
- Почему надо сохранять объекты деревянного зодчества? Почему в Беларуси? Если этот дом дожил до наших дней, значит, он был сделан грамотно. Это наше национальное наследие. Это объект культуры в первую очередь. В конце концов, мы не в Советском Союзе. У нас совершенно другая идеология. И мы не можем позволить так относиться к памятникам нашего культурного наследия, – гэтак выказалася наконт дома Кулаг у Давыд-Гарадку архітэктар Любоў Бердышэва.

David Gorodok 32

Дом Кулаг у Давыд-Гарадку

А вось меркаванне яшчэ аднаго архітэктара – Зміцера Савельева:
- Увогуле для Беларусі заўсёды была характэрная драўляная забудова. Але ў нас такіх будынкаў захавалася не вельмі шмат, таму вось тое, што ён захаваўся – гэта вялікі цуд. Мы павінны берагчы гэты будынак.
Па запыце самой Надзеі, высновы па доме Кулаг у Давыд-Гарадку зрабіў доктар архітэктуры і прафесар Сяргей Сяргачоў.
Па яго меркаванні, будынак з’яўляецца ўнікальным. Па-першае, ён двухпавярховы, а такіх драўляных жылых дамоў у Беларусі ўвогуле захавалася не шмат. Па-другое, адна са сцен мае скос (раней там было яшчэ і вакно, якое было закладзенае ўжо «за савецкім часам»). Гэта даволі складанае архітэктурнае рашэнне, якое выкарыстоўвалася для каменнай архітэктуры, але не для драўлянай.
Карацей, спецыялісты ў адзін голас сцвярджаюць: дом Кулаг у Давыд-Гарадку неабходна захаваць.
Гарадскія і раённыя ўлады з імі чамусьці нязгодныя.

«Дажынкі» як спосаб знішчэння старажытнай архітэктуры
Трэба сказаць, Надзея Туроўская вырашыла звярнуцца не толькі да чыноўнікаў, але і да журналістаў.
Пасля серыі публікацый у розных медыях нашай гераіне раптам паведамілі, што яна можа выкупіць дом. Але з аўкцыёну, які пройдзе неўзабаве. Гэта, як быццам бы, была перамога.
Але ж не.
- У гэты час я тэлефанавала перыядычна то ў Брэсцкі аблвыканкам, то ў Столінскі – спытаць, як там, ці будзе аўкцыён? Ці што там далей будзе? І ў Брэсцкім выканкаме мне раптам кажуць: ой, вы ведаеце, справа ў тым, што ў нас тут ужо прынята рашэнне, што ў Давыд-Гарадку, відаць, будуць праходзіць Дажынкі абласныя. І гэта можа паўплываць на лёс вашага будынку. Бо нам вельмі патрэбная паркоўка. Я кажу, паркоўка вам патрэбная? На месцы гэтага будынку менавіта? Ну вось прыедуць людзі, трэба будзе ставіць аўтобусы – гэта мне казалі па тэлефоне, – распавядае далей Надзея.
Былі яшчэ ад яе яшчэ лісты ў пракуратуру, Дзяржмаёмасць, Дзяржкантроль, ды, нават, у ДАІ (бо нечакана з’явіўся дакумент, у якім сцвярджаецца, быццам, дом выходзіць за «чырвоную лінію», што правакуе ДТЗ; а па назіраннях мясцовых жыхароў, за апошнія гады ніякіх ДТЗ побач з домам не было).
Пакуль што ўсё, чаго дабілася дзяўчына – гэта згода на тое, што яна перанясе прадзедаву хату «у іншае месца». Як можна перанесці старажытны двухпавярховы будынак, Надзея не ўяўляе…

David Gorodok 35

Надзея Туроўская і яе лісты ў розныя інстанцыі

Разам з Надзеяй лёсам дома Кулаг занемакоеныя і іншыя сваякі.

- Мы знали, что дом родителей моего отца был национализирован. И про этот дом родители не разговаривали в нашем присутствии. Может, им было больно, и поэтому не говорили. А, может, чтобы мы были правильно воспитанными детьми – не имели обиду на государство. И, конечно, сейчас нам очень жалко этот дом. Мы бы хотели его оставить, – кажа цёця Надзеі Туроўскай Валянціна Кулага.

Што яшчэ захавалася ў доме Кулаг?
І што з ім будзе, калі яго ўсё ж уратуюць?
Мы з усіх бакоў агледзелі дом Кулаг у Давыд-Гарадку. І ведаеце што? Ён цудоўны. Ён жывы, і ён нібыта сам распавядае аб сваіх былых жыхарах.
Давялося нам і трапіць усярэдзіну будынку – адно з вакон было адчыненае, чым мы і скарысталіся.
Дык вось. Там захаваліся цудоўныя, моцныя лесвіцы, якія, нават, пад слоем савецкай фарбы добра выглядаюць.

David Gorodok 28

Дом Кулаг у Давыд-Гарадку. Лесвiца

Ёсць яшчэ дубовыя дзверы.

David Gorodok 27

Дом Кулаг у Давыд-Гарадку. Дзверы

А сам па сабе будынак, нягледзячы на бардак, які пануе ўнутры, усё ж не стварае ўражанне «поўнай разрухі».

David Gorodok 26

David Gorodok 34

Надзея Туроўская кажа, што, калі атрымаецца ўратаваць прадзедаву хату, хутчэй за ўсё яна зробіць там музей сям’і, якая жыла ў Давыд-Гарадку «за польскім часам». Не толькі сваёй, а сям’і ўвогуле, музей міжваеннай гісторыі Палесся. Такіх музеяў у Беларусі пакуль што няма.
Яшчэ там можна было б праводзіць цікавыя заняткі, майстар-класы для дзяцей і дарослых. Надзея гатовая запрашаць лектараў з ліку сваіх знаёмых, сапраўдных вучоных з Менску і не толькі, а таксама выкарыстоўваць творчы патэнцыял мясцовай інтэлігенцыі.
Але пакуль што гэта ўсё толькі мары. А рэчаіснасць? Са дня на дзень прыгожы і ўнікальны для Беларусі дом Кулаг у Давыд-Гарадку па «хаценню-вяленню» мясцовых улад могуць знесці. І не дапамагаюць ні просьбы, ні афіцыйныя лісты ў розныя ўстановы.
Так што спяшайцеся бачыць! Магчыма гэты будынак (нашая архітэктурная спадчына – я гэта падкрэсліваю!) абласных Дажынак ужо не перажыве.
Дзяліцеся гэтым матэрыялам у соцсетках і прыязджайце хутчэй глядзець на дом Кулаг у Давыд-Гарадку.

 

Аўтар Яра Горская

 

Поиск

Copyright ©2019 vedi.by - Design by Top 10 Binary Options